Чыжоўка-Арэна - гэта шматфункцыянальны спартыўна-аздараўленча-забаўляльны комплекс у Мінску, другая па велічыні пасля "Мінск-Арэны" лядовая пляцоўка Беларусі. Чыжоўка-Арэна размяшчаецца на паўднёвым-усходзе горада Мінска, на тэрыторыі парку імя 900-годдзя горада Мінска, у мікрараёне Чыжоўка, на беразе Чыжоўскага вадасховішча, утворанага на рацэ Свіслач. Будаўніцтва Чыжоўка-Арэны было распачатае ў 2009 годзе. Афіцыйнае адкрыццё Чыжоўка-Арэны адбылося ў канцы 2013 года. У комплексе прадугледжаны: вялікая спартыўна-відовішчная арэна амаль на дзевяць тысяч гледачоў; малая трэніровачная арэна амаль на пяцьсот гледачоў; залы для заняткаў рознымі відамі спорту, а таксама мноства месцаў для актыўнага адпачынку і забаў, дзе можна добра правесці вольны час.
Асноўнае прызначэнне вялікай арэны - гэта правядзенне матчаў па хакеі з шайбай, спаборніцтваў па фігурным катанні і іншых лядовых відах спорту. Прадугледжана магчымасць трансфармавання арэны ў пляцоўку для гульнявых відаў спорту, спартыўных адзінаборстваў, цяжкай атлетыкі, гімнастыкі, боксу, для правядзення выстаў, а таксама ў сцэну для правядзення канцэртаў і іншых відовішчных мерапрыемстваў. Малая арэна прызначана для трэніровак прафесійных спартсменаў і заняткаў навучэнцаў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, а таксама для масавага катання на каньках. Паміж арэнамі размясціліся камфортныя залы для правядзення канферэнцый, а таксама зона адпачынку, аздараўлення і забаў з боўлінгам, більярднымі, саунамі, басейнам, кафэ і рэстаранамі. Такім чынам Чыжоўка-Арэна з'яўляецца вельмі незвычайным і адметным будынкам, вядомай славутасцю і выбітнасцю горада Мінска і цікавым турыстычным аб'ектам.