Будслаўскі фэст - штогадовая ўрачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай, які захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў аграгарадку Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці Беларусі. У 2014 годзе Будслаўскі фэст, асобна ад самога храма, папоўніў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. А ў лістападзе 2018 года "Урачыстасць у гонар ушанавання Абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)" была ўключана ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЭСКА.
Традыцыя здзяйсняць падарожжы да Будслаўскай іконы Маці Божай ужо доўгі час перадаецца з пакалення ў пакаленне. Больш за чатыры стагоддзі пілігрымы з розных гарадоў і краін прыходзяць у Будслаў каб пакланіцца цудатворнаму абразу. Дадзеная традыцыя не перапынілася нават у другой палове 20-га стагоддзя, за савецкім часам, калі Будслаўскі касцёл не функцыянаваў. У наш час, як і раней, турысты і падарожнікі праз цэлы год дастаткова актыўна наведваюць Будслаў.
Аднак, штогод у пачатку ліпеня сюды прыбывае па-сапраўднаму шмат гасцей. Справа ў тым, што свята ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай адзначаецца 2 ліпеня. Штогод арганізоўваюцца маштабныя ўрачыстасці з нагоды гэтага свята, а менавіта Будслаўскі фэст, які праходзіць у першую пятніцу і суботу ліпеня. Дадзеная штогадовая ўрачыстасць ператварылася ў вельмі прыгожае духоўнае мерапрыемства, якое збірае ў Будславе тысячы, а часам і дзясяткі тысяч пілігрымаў, турыстаў і падарожнікаў.
Праграма свята звычайна ўключае сустрэчу і прывітанне пешых пілігрымаў святарамі, некалькі Святых Імшаў, моладзевае малітоўнае чуванне, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, гадзіны малітваў да Божай Маці, Святы Ружанец, літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі і многае іншае. Адным з самых прыгожых момантаў свята з'яўляецца вячэрняя Святая Імша і працэсія са свечкамі, якія праходзять ў цемры ночы. Падчас гэтай працэсіі тысячы вернікаў запальваюць свечкі і ідуць крыжовым шляхам ўслед за копіяй Будслаўскай іконы Маці Божай, рухаючыся вакол цэнтральнай плошчы пасёлка і вяртаючыся да касцёла.
У сучаснай Беларусі вялікія арганізаваныя паломніцтвы ці, інакш кажучы, пілігрымкі да Будслаўскай іконы Маці Божай здзяйсняюцца пачынаючы з 1992 года. У Будслаў прыбываюць пілігрымы з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з суседніх краін і далёкага замежжа. Каб разам пакланіцца святыні, людзі пераадольваюць велізарныя адлегласці. Значная колькасць удзельнікаў урачыстасці прыбывае на свята ў складзе арганізаваных пешых паломніцкіх груп, ці, інакш кажучы, пілігрымак. Некаторыя з гэтых пілігрымак выходзяць у Будслаў задоўга да пачатку Будслаўскага фэсту і пераадольваюць пешшу сотні кіламетраў. Іншыя вандроўнікі прыязджаюць на асабістым транспарце, аўтобусамі, па чыгунцы, на байдарках альбо на роварах.
Па добрай традыцыі жыхары прылеглых да Будслава вёсак цёпла сустракаюць пешыя і веласіпедныя пілігрымкі, прапаноўваючы пілігрымам вячэру і начлег. У ходзе пешых пілігрымак вернікі моляцца, спяваюць, удзельнічаюць ў Святых Імшах. Такія пілігрымкі ідуць да святыні ў любое надвор'е, іх не спыняе ні дождж, ні спякота, ні вецер, ні холад. Ужо ў Будславе, увайшоўшы ў касцёл, калі да абраза застаюцца апошнія метры, вернікі становяцца на калені і так пераадольваюць астатнюю адлегласць. Разам з традыцыйнымі праводзяцца таксама посныя пешыя пілігрымкі, а таксама спецыяльныя паломніцтвы для людзей, залежных ад наркотыкаў і алкаголю.
На фэст у Будслаў прыязджаюць, як правіла, усе біскупы Каталіцкага касцёла на Беларусі, вялікая колькасць святароў і прадстаўнікі самых розных манаскіх супольнасцяў, а таксама апостальскі нунцый у Беларусі, які з'яўляецца паслом Ватыкана і прадстаўніком Папы Рымскага. У Будслаўскім фэсце бяруць таксама ўдзел прадстаўнікі грэка-каталіцкага духавенства, Беларускай Праваслаўнай царквы, іерархі іншых краін, прадстаўнікі ўрада і мясцовага кіраўніцтва.
Дарэчы, цэнтральная плошча пасёлка Будслаў, дзе і размешчана базыліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, называецца Чырвонай Плошчай. На час правядзення Будслаўскага фэсту на гэтай плошчы часова размяшчаецца мноства намётаў, дзе можна набыць духоўную і мастацкую літаратуру ці перыядычныя выданні, абразы і іншыя вырабы рэлігійнага прызначэння альбо сувеніры. Тут жа можна азнаёміцца з дзейнасцю многіх рэлігійных арганізацый і выдавецтваў Беларусі, а таксама проста перакусіць і падсілкавацца.
Урачыстасць у гонар ушанавання Абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) разам з такімі сваімі неад'емнымі кампанентамі, як пешыя пілігрымкі і начная працэсія са свечкамі, з'яўляецца сапраўдным здабыткам нацыі, сімвалам беларускай ідэнтычнасці, а таксама каштоўным узорам культурнага багацця і спадчыны Беларусі. У шматканфесійнай Беларусі абраз Маці Божай Будслаўскай шануецца ў якасці святыні не толькі каталікамі, але і іншымі хрысціянамі, а Будслаў наведваюць людзі ўсіх хрысціянскіх канфесій.