Каталіцкі кафедральны сабор Святога Францішка Ксаверыя (Фарны касцёл) у Гродне - гэта адзін з самых знакамітых, выбітных і багата дэкараваных храмаў Беларусі. Гэты касцёл будаваўся з 1678 года і па 1703 год, і быў урачыста асвечаны ў 1705 годзе. Галоўны фасад храма ўпрыгожваюць дзве велічныя і вельмі прыгожыя вежы, якія былі ўзведзены з 1750 года і па 1752 год. Неафіцыйна дадзены храм называецца таксама Фарны касцёл, што азначае папросту Галоўны касцёл. Ён сапраўды з'яўляецца галоўным, г.зн. кафедральным для ўсяго горада Гродна і Гродзенскай вобласці.

Фарны касцёл Святога Францішка Ксаверыя ў Гродна

На момант сваёй пабудовы касцёл Святога Францішка Ксаверыя уваходзіў у склад комплексу кляштара езуітаў, некалі самага багатага ў Рэчы Паспалітай, які займаў цэлы квартал у цэнтральнай частцы горада Гродна. У будынку самога кляштара з 19-га стагоддзя і па цяперашні час размяшчаецца турма. Пры езуіцкім кляштары дзейнічаў калегіум. У адным з кляштарных будынкаў, збудаваным у 1709 годзе, функцыянавала аптэка. Сёння ў гэтым будынку працуе адзіная ў Беларусі аптэка-музей.

Фарны касцёл Святога Францішка Ксаверыя ў Гродна

Фарны касцёл у Гродне з'яўляецца адным з самых прыгожых касцёлаў Беларусі, яго памеры вельмі ўражваюць, а ўнутранае аздабленне храма дзівіць сваім багаццем. Шматлікія архітэктурныя і мастацкія асаблівасці і выбітнасці касцёла Святога Францішка Ксаверыя ў Гродне робяць яго параўнальным з найбольш знакамітымі сусветнымі шэдэўрамі стылю барока, а таксама абумоўліваюць велізарную каштоўнасць гэтага архітэктурнага і культурна-гістарычнага помніка для Беларусі.

Фарны касцёл Святога Францішка Ксаверыя ў Гродна

Цэнтральны ўваход у Гродзенскі Фарны касцёл ўпрыгожвае паўкруглая лесвіца, якая была збудаваная ў 1898 годзе. На парапеце гэтай лесвіцы ўстаноўлена вельмі выразная і добра запамінальная скульптура Езуса Хрыста з крыжам. У 1725 годзе ў паўночнай вежы касцёла быў ўсталяваны механічны вежавы гадзіннік, які раней знаходзіўся ў вежы гарадской ратушы, разбуранай падчас Руска-польскай вайны сярэдзіны 17-га стагоддзя. Гадзіннік гэты адзін з найстарэйшых дзеючых вежавых гадзіннікаў ва Усходняй Еўропе.

Фарны касцёл Святога Францішка Ксаверыя ў Гродна

Інтэр'ер касцёла ўпрыгожваюць 13 алтароў, у тым ліку 12 бакавых. Найбольш выбітным дэкаратыўным элементам ўнутранага аздаблення храма з'яўляецца унікальны цэнтральны разны алтар, які ствараўся з 1736 года і па 1738 год. Галоўны алтар Гродзенскага Фарнага касцёла - гэта адзін з самых высокіх барочных алтароў ў Еўропе, яго вышыня дасягае 21-га метра. Трох'ярусную кампазіцыю алтара ўпрыгожвае больш за сорак скульптур. У левай капліцы трансепту размешчаны алтар Святога Міхала Арханёла са скульптурнымі выявамі выбітных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага. Усе гэтыя дэкаратыўныя элементы маюць вельмі высокую мастацкую каштоўнасць.

Фарны касцёл Святога Францішка Ксаверыя ў Гродна

У процілеглай правай капліцы трансепту размяшчаецца цудатворны абраз Маці Божай Кангрэгацкай. Іншая назва абраза - Маці Божая Студэнцкая. Дадзены абраз быў створаны ў Рыме ў самым пачатку 17-га стагоддзя. У 1664 годзе абраз быў перададзены кангрэгацыі студэнтаў пры калегіуме езуітаў у Гродне, якія ўрачыста размясцілі яго ў драўляным езуіцкім касцёле Святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэты храм быў страчаны падчас Руска-польскай вайны сярэдзіны 17-га стагоддзя, пасля чаго на яго месцы і быў узведзены касцёл Святога Францішка Ксаверыя, які і захаваўся да нашых дзён. Абраз падчас той вайны ацалеў і пазней быў размешчаны ў новым храме, дзе і захоўвацца да нашых дзён. Абраз Маці Божай Кангрэгацкай у Гродне выкананы на медным лісце памерамі 22 на 17 сантыметраў. Іконаграфічна дадзены абраз з'яўляецца паўторам вядомай іконы Маці Божай Снежнай «Выратаванне народа рымскага» з Рымскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ (Святой Марыі Вялікай), якая ў сваю чаргу з'яўляецца адным з самых шанаваных абразоў у Рыме.

Фарны касцёл Святога Францішка Ксаверыя ў Гродна

У 1990 годзе папа рымскі Ян Павел II прысвоіў Фарнаму касцёлу ў Гродне статус Малой базілікі. У Беларусі толькі некалькі храмаў носяць гэты ганаровы тытул. Дарэчы, Вялікіх базілік існуе ўсяго шэсць ва ўсім свеце, чатыры з іх размешчаныя ў Рыме і адной з іх з'яўляецца ўжо згаданая базіліка Санта-Марыя-Маджорэ. У 1991 годзе, калі была ўтворана Гродзенская каталіцкая дыяцэзія, касцёл Святога Францішка Ксаверыя стаў кафедральным саборам. Дадзены храм з'яўляецца вельмі важным культурным і гістарычным помнікам, духоўным і паломніцкім цэнтрам, адной з найважнейшых славутасцяў і адным з найбольш яскравых сімвалаў горада Гродна.

Фарны касцёл Святога Францішка Ксаверыя ў Гродна

Фарны касцёл Святога Францішка Ксаверыя ў Гродна

Фарны касцёл Святога Францішка Ксаверыя ў Гродна