Касцёл Адшукання Святога Крыжа і кляштар бернардзінцаў у Гродне - гэта адзін з найбольш значных і старадаўніх архітэктурных комплексаў горада, і адзін з найбольш пазнавальных сімвалаў Гродна. Комплекс будынкаў кляштара бернардзінцаў, што маляўніча размешчаны на ўзгорку над берагам Нёмана, з'яўляецца адной з архітэктурных дамінант гістарычнага цэнтра Гродна, якая ўпрыгожвае і фармуе панараму ўсяго горада.
Кляштар бернардзінцаў быў заснаваны ў Гродне ў 1490-ых гадах. Першапачаткова ён уключаў у сябе драўляныя касцёл і кляштарны корпус. Першы мураваны касцёл на месцы драўлянага храма быў узведзены з 1595 года па 1600 год. Аднак літаральна адразу ж было прынята рашэнне аб яго поўнай перабудове. У выніку вельмі істотнай рэканструкцыі і пашырэння, праведзеных з 1602 года і па 1618 год, быў узведзены новы храм, які і захаваўся да нашага часу. Касцёл Адшукання Святога Крыжа быў урачыста асвечаны віленскім біскупам Астафіем Валовічам ў 1618 годзе. На сённяшні дзень гэта самы старадаўні каталіцкі храм у Гродне. Знешні выгляд касцёла і ўсяго комплексу нясе ў сабе рысы готыкі, рэнесансу і барока. Акрамя касцёла комплекс уключае ў сябе таксама кляштарныя карпусы і вежу званіцу. За сваю шматвяковую гісторыю храм неаднаразова пакутаваў ад пажараў і войнаў. Аднак, кожны раз усе пашкоджанні хутка аднаўляліся і напраўляліся, а храм нават ўдасканальваўся, абнаўляўся і мадэрнізаваўся.
Найбольш істотная рэканструкцыя і перабудова храма датуецца 1680-мі гадамі. Верагодна менавіта ў той час да галоўнага фасада касцёла Адшукання Святога Крыжа ў Гродне была прыбудавана вежа званіца. У 18-ым стагоддзі праводзілася шмат прац у інтэр'еры храма. Менавіта тады была створана большасць найкаштоўнейшых дэкаратыўных элементаў унутранага ўбрання храма, якія захаваліся да нашага часу. Кляштар бернардзінцаў быў скасаваны ў сярэдзіне 19-га стагоддзя, пасля чаго касцёл стаў звычайным парафіяльным, а кляштарныя карпусы былі пераабсталяваныя пад казармы. У 1894 годзе ў касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне адбыўся шлюб Элізы Ажэшкі. Касцёл і кляштарныя пабудовы моцна пацярпелі падчас бамбёжак 1941 года на самым пачатку Вялікай Айчыннай Вайны. Аднаўленчыя працы былі распачатыя яшчэ падчас вайны, і ў 1946 годзе касцёл набыў свой першапачатковы выгляд. У савецкі час у кляштарных карпусах размяшчалася кіраванне судовай медыцыны. У 1990 годзе старажытныя будынкі кляштара былі вернутыя Каталіцкай Царкве, пасля чаго ў іх была створана першая ў найноўшай гісторыі Беларусі Вышэйшая каталіцкая духоўная семінарыя. На сённяшні дзень касцёл і семінарыя паўнавартасна функцыянуюць.
Унутранае ўбранне касцёла Адшукання Святога Крыжа ў Гродне мае вельмі высокую мастацкую, культурную і гістарычную каштоўнасць. У яго афармленні вылучаецца багацце скульптуры, жывапісу, ляпніны, разьбы па дрэве, чыгуннага і бронзавага ліцця і коўкі. Інтэр'ер касцёла ўпрыгожвае 12 старадаўніх каменных бакавых алтароў, а таксама трох'ярусны цэнтральны алтар 18-га стагоддзя. Сярод багатага насценнага роспісу храма можна вылучыць такі незвычайны дэкаратыўны элемент як выявы 12 гістарычных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Гэтыя выявы выкананы ў паўночнай частцы храма, у той час як у паўднёвай частцы касцёла маюцца выявы 12 апосталаў Хрыста. Большасць дэкаратыўных элементаў храма датуюцца 18-ым стагоддзем, аднак маюцца і больш старадаўнія насценныя роспісы, ляпніна і алтары. Касцёл Адшукання Святога Крыжа і кляштар бернардзінцаў з'яўляюцца вельмі важнымі культурнымі і гістарычнымі помнікамі, духоўным і паломніцкім цэнтрам, а таксама адной з найважнейшых славутасцяў горада Гродна.