Вістычы - гэта вёска Брэсцкага раёна, Брэсцкай вобласці Беларусі. Асноўнай славутасцю вёскі Вістычы з'яўляецца Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў сярэдзіне 18-га стагоддзя. Гэты старадаўні храм першапачаткова быў пабудаваны як касцёл, і ўваходзіў у склад кляштара, які размяшчаўся тут жа. У першай палове 19-га стагоддзя (а менавіта ў 1832 годзе пасля падаўлення адпаведнага паўстання) кляштар быў скасаваны, а ў другой палове 19-га стагоддзя (ў 1866 годзе неўзабаве пасля падаўлення чарговага паўстання), храм у вёсцы Вістычы быў перададзены Праваслаўнай царкве і капітальна адрэстаўраваны.

Царква функцыянавала аж да Другой Сусветнай Вайны. У савецкі час храм у вёсцы Вістычы быў закінуты і пуставаў. Толькі ў 2011 годзе моцна здрахлелую царкву пачалі (упершыню з другой паловы 19-га стагоддзя) рэстаўраваць. На дадзены момант гэты храм яшчэ пакуль не да канца адрэстаўраваны, але ўжо знаходзіцца ў добрым стане і з'яўляецца дзеючай Праваслаўнай царквой. Таксама ў вёсцы Вістычы маецца невялікая але адметная прыдарожная капліца. На старых фота можна бачыць скульптуру Панны Марыі, якая раней упрыгожвала верхавіну гэтай капліцы. Храм у вёсцы Вістычы з'яўляецца архітэктурным помнікам 18-га стагоддзя, гісторыка-культурнай каштоўнасцю і цікавай славутасцю Беларусі.

Вістычы

Вістычы

Вістычы