Камянюкі - гэта буйная вёска Камянецкага раёна, Брэсцкай вобласці Беларусі. Да архітэктурных выбітнасцяў вёскі Камянюкі можна аднесці хіба што невялікую драўляную царкву Святога Георгія, пабудаваную ў наш час. Побач з царквой размяшчаецца таксама невялікая драўляная каплічка. Але галоўная славутасць вёскі Камянюкі зусім нават не архітэктурная. Менавіта тут у вёсцы Камянюкі размешчана турыстычная частка Белавежскай Пушчы адкрытая для наведвання вандроўнікамі.
Нагадаем, што Белавежская Пушча - гэта шырока вядомы ў Беларусі і далёка за яе межамі, а таксама найбольш папулярны сярод турыстаў буйны запаведнік з вельмі багатай флорай і фаунай. Белавежская Пушча па колькасці відаў раслін і жывёл не мае сабе роўных у Еўропе. Тут жыве самая буйная ў свеце папуляцыя зуброў. Таксама, Белавежская Пушча - гэта вельмі каштоўны, унікальны і фактычна адзіны буйны астатак рэліктавага першабытнага раўніннага лесу, які ў дагістарычныя часы рос на тэрыторыі Еўропы.
Белавежская Пушча размяшчаецца на тэрыторыі дзвюх краін: Беларусі і Польшчы. У вёсцы Камянюкі сканцэнтраваны асноўныя інфраструктурныя і турыстычныя аб'екты, што адносяцца да Белавежскай Пушчы з Беларускага боку. У лік гэтых аб'ектаў уваходзяць: некалькі рэстаранаў і кафэ, некалькі гасцініц, адміністрацыя запаведніка, сувенірныя крамы, музей прыроды і многае іншае.
Цэнтральнае ж месца сярод турыстычных славутасцяў гэтага комплексу займаюць велізарныя вальеры, якія цягнуцца на некалькі кіламетраў, і ў якіх знаходзяцца насельнікі пушчы: алені, зубры, рысі, мядзведзі, ласі, ваўкі, дзікі і іншыя жывёлы, якіх могуць паспрабаваць аглядзець наведвальнікі дадзенага турыстычнага комплексу. Дарэчы, гэтыя вальеры настолькі вялікія, што іх насельнікаў часцей за ўсё разгледзець амаль не атрымліваецца. Жывёлы днём звычайна ляжаць, стаіўшыся дзесьці ў ценю ў баку ад месцаў збору людзей.
Турыстычная частка Белавежскай Пушчы - гэта месца сапраўды вельмі папулярнае сярод падарожнікаў. Тут для турыстаў прадугледжана магчымасць самастойных пешых або веласіпедных шпацыраў рознай далёкасці па самой Белавежскай Пушчы. Маецца пункт пракату: улетку - ровараў, а зімой - санак і лыж. Таксама маецца магчымасць паўдзельнічаць у розных тэматычных аўтобусных экскурсіях па Белавежскай Пушчы. На тэрыторыі Белавежскай Пушчы размешчана рэзідэнцыя Беларускага Дзеда Мароза, а таксама невялікі музей народнага побыту. Паездкі туды таксама арганізоўваюцца з турыстычнай часткі Белавежскай Пушчы, размешчанай у вёсцы Камянюкі. Як ужо адзначалася, сама вёска Камянюкі - гэта буйны і вельмі ўдала добраўпарадкаваны населены пункт. Тут маецца яшчэ некалькі крам, АЗС, аддзяленні банка і пошты, іншыя элементы базавай інфраструктуры.