Ваўкавыск - гэта горад Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Ваўкавыскага раёна. Адной з асноўных славутасцяў і выбітнасцяў горада Ваўкавыска з'яўляецца касцёл Святога Вацлава. Гэты храм выкананы ў стылі позняга класіцызму з элементамі эклектыкі. Касцёл у Ваўкавыску быў узведзены на сродкі, сабраныя вернікамі. Будаўніцтва храма было распачата ў 1841 годзе, у 1845 годзе скончылі ўзвядзенне сцен, ў 1846 годзе касцёл быў накрыты дахам. Канчаткова будаўніцтва храма было завершана ў 1848 годзе. У 1850 годзе касцёл у Ваўкавыску быў урачыста асвечаны. Касцёл быў узведзены недалёка ад месца дзе раней размяшчаўся больш старажытны драўляны храм.
Тэрыторыя вакол касцёла абгароджана старадаўняй каменнай агароджай, выкананай у 1870-ых гадах. Раней цэнтральны ўваход на тэрыторыю храма ўпрыгожвала трох'ярусная вежа-званіца. Да нашых дзён, на жаль, дадзеная вежа-званіца не захавалася, і толькі невялікі яе фрагмент ўжо ў 1930-ых гадах быў перабудаваны ва ўваходную трохпралётную мураваную браму. Менавіта гэтая брама і захавалася да нашага часу. На тэрыторыі храма маецца таксама невялікая, але вельмі выразная і адметная капліца-пахавальня. Дадзеная капліца была пабудаваная з жоўтай цэглы ў нэараманскім стылі у 1880-ых гадах.
У 1929 годзе касцёл Святога Вацлава ў Ваўкавыску моцна пацярпеў ад пажару. У тыя гады горад Ваўкавыск уваходзіў у склад міжваеннай Польскай Рэспублікі. Таму, адразу ж пасля пажару, у 1930-ых гадах была здейснена маштабная рэстаўрацыя і рэканструкцыя храма. У прыватнасці, па баках франтона былі надбудаваныя дзве вежы, а каменная агароджа была ўпрыгожана ажурнымі металічнымі кратамі. Касцёл бесперапынна функцыянаваў на працягу ўсёй сваёй гісторыі. Падчас Другой Сусветнай Вайны касцёл Святога Вацлава ў Ваўкавыску быў моцна разбураны, але мясцовыя жыхары змаглі хутка аднавіць яго сваімі ўласнымі сіламі.
У другой палове 20-га стагоддзя, у савецкі час, касцёл не толькі не быў зачынены, але таксама ў пачатку 1970-ых гадоў атрымаў статус помніка архітэктуры, і перажыў некалькі этапаў рамонтных работ у 1956 і 1985 гадах. Храм таксама рамантаваўся і ў 1990-ых гадах. На дадзены момант касцёл Святога Вацлава ў горадзе Ваўкавыск знаходзіцца ў выдатным стане і з'яўляецца дзеючым храмам, архітэктурным помнікам культуры і гісторыі 19-га стагоддзя, а таксама важнай славутасцю і выбітнасцю Беларусі.
Іншай важнай славутасцю горада Ваўкавыск, якая можа прыцягнуць турыстаў і падарожнікаў, з'яўляецца сядзібны дом канца XVIII стагоддзя, у якім ў 1812 годзе размяшчалася штаб-кватэра Баграціёна, менавіта па гэтай прычыне гэты дом таксама вядомы як "Дом Баграціёна", хоць, вядома ж, ён яму ніколі не належаў.
Ёсць у горадзе Ваўкавыск і дзве праваслаўныя царквы. Адна з іх, царква Святых Пятра і Паўла, зусім новая, пабудаваная ў 2004 годзе (на фота злева). Іншая, царква Святога Мікалая, пабудаваная ў 1874 годзе, і таму з'яўляецца цікавым помнікам архітэктуры XIX стагоддзя, славутасцю і выбітнасцю Беларусі (на фота справа).
Таксама ў горадзе Ваўкавыск захаваўся квартал гістарычнай гарадской забудовы, якая адносіцца да канца 19-га, пачатку 20-га стагоддзя. Гэты квартал мае вельмі характэрнае для Беларусі аблічча. Прыкладна так выглядалі цэнтральныя часткі многіх беларускіх гарадоў і мястэчак у гэты гістарычны перыяд. На жаль на дадзены момант не ўсе домікі ў гэтым гістарычным квартале добра адрэстаўраваны. Але тым не менш, турыстам і падарожнікам якія апынуліся ў горадзе Ваўкавыск варта ўбачыць і гэтыя славутасці.