Залессе - гэта вёска Смаргонскага раёна, Гродзенскай вобласці Беларусі. Асноўнай славутасцю вёскі Залессе з'яўляецца Палацава-паркавы ансамбль і музей Міхала Клеафаса Агінскага - выбітнага беларускага кампазітара. Сядзіба ў Залессі перайшла ў валоданне Міхала Клеафаса Агінскага ў 1802 годзе, тады яна складалася з драўлянага палаца і некалькіх гаспадарчых пабудоў. У тым жа годзе Міхал Агінскі пасяліўся ў маёнтку Залессе, дзе пачаў будаўніцтва новай сядзібы з каменным палацам. Агінскі стала жыў у Залессі да 1810 года, з 1810 па 1823 год пражываў тут перыядычна. Будаўніцтва палаца было канчаткова завершана ў 1822 годзе. Міхал Агінскі арганізоўваў у маёнтку музычна-літаратурныя вечарыны, дзе выконваліся яго творы. Некаторыя гісторыкі лічаць, што менавіта тут быў напісаны і ўпершыню прагучаў знакаміты паланэз «Развітанне з Радзімай».

Пасля смерці Агінскага маёнтак страціў сваю былую славу і пачаў паступова разбурацца. У 1920 годзе ў сядзібе адкрыўся прыватны пансіянат, які з прыходам савецкай улады стаў санаторыем. У гады Вялікай Айчыннай Вайны сядзібу выкарыстоўвалі немцы як штаб. З надыходам міру маёнтак пераўтварылі ў дом састарэлых. У 80-я гады 20-га стагоддзя на базе сядзібы планавалася арганізаваць санаторый-прафілакторый, але пазней ад гэтых планаў адмовіліся. Былі праведзены мінімальныя работы па кансервацыі палаца, пасля чаго ён быў перададзены на баланс міністэрства культуры.

На пачатку 21-га стагоддзя, палацава-паркавы ансамбль Агінскага ў вёсцы Залессе знаходзіўся ў вельмі дрэнным стане. Але на шчасце, у 2011-2015 гадах, была праведзена маштабная рэстаўрацыя дадзенага комплексу і цяпер ён зноў знаходзіцца ў выдатным стане. Цяпер тут адкрыты музей, прысвечаны жыццю і творчасці Міхала Агінскага. У інтэр'еры музея на жаль, няма мэблі, якой карыстаўся сам Міхал Агінскі. Тым не менш большасць мэблі і іншых прадметаў інтэр'еру тут сапраўды старадаўнія і адносяцца да 19-га стагоддзя. Турыстам таксама будзе цікава і карысна ведаць, што прама ў палацы маецца таксама невялікае кафэ.

У Беларусі, на жаль, захавалася не так ужо і шмат палацаў. Акрамя таго, далёка не ўсе з іх адрэстаўраваны. А палац у вёсцы Залессе, мала таго, што адрэстаўраваны і цудоўна перадае атмасферу 19-га стагоддзя, дык яшчэ і з'яўляецца музеем прысвечаным вялікаму сыну беларускага народа, які жыў і тварыў у гэтых месцах. На сённяшні дзень, палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Залессе несумненна з'яўляецца вельмі важным архітэктурным помнікам 19-га стагоддзя, вялікай гісторыка-культурнай каштоўнасцю і адной з самых значных славутасцяў Беларусі. Тут пастаянна бывае вельмі шмат задаволеных турыстаў.

У склад палацава-паркавага ансамбля Агінскага ў вёсцы Залессе ўваходзяць таксама: каталіцкая капліца Панны Марыі, 1815 года пабудовы, размешчаная прама побач з палацам; цудоўны парк з маленькай рэчкай і невялікае возера; павільён пад назвай «Храм Амеліі»; былы вадзяны млын; і яшчэ адна старажытная гаспадарчая пабудова. Былы млын і павільён значна перабудоўваліся ў другой палове 20-га стагоддзя, і ў некаторай ступені страцілі свой першапачатковы вонкавы выгляд. Акрамя таго, на дадзены момант яны пакуль яшчэ не да канца адрэстаўраваны.

Скажам пару слоў пра самога Міхала Клеафаса Агінскага. Ён пражыў 68 гадоў з 1765 па 1833 год. У жыцці гэтага чалавека было вельмі шмат розных бурных падзей, моцных расчараванняў і вялікіх поспехаў. Ён быў дыпламатам, палітычным дзеячам Рэчы Паспалітай, адным з лідэраў паўстання Касцюшкі, ганаровым членам Віленскага універсітэта, сенатарам Расійскай імперыі. Ён заўсёды заставаўся шчырым патрыётам сваёй Радзімы. Уся яго дзейнасць і культурная, і палітычная была прасякнута сапраўдным патрыятызмам.

Але ў наш час, Міхал Клеафас Агінскі вядомы ў большай ступені, як выдатны беларускі кампазітар. І сапраўды, сярод сваёй актыўнай палітычнай дзейнасці, ён знаходзіў час для рэалізацыі свайго творчага таленту, для стварэння выдатных музычных твораў. Як кампазітар ён вядомы ва ўсім свеце, а некаторыя яго творы, увайшлі ў залатыя калекцыі сусветнай музычнай класікі. Найбольшую вядомасць атрымаў паланэз «Развітанне з Радзімай», больш вядомы як проста «паланэз Агінскага». Шэраг даследчыкаў таксама прыпісваюць Агінскаму музыку польскага гімну «Jeszcze Polska nie zginęła».

Зараз трохі пра саму вёску. Залессе - гэта вельмі буйная вёска (афіцыйна аграгарадок), тут вядома ж маюцца крамы, і іншыя элементы базавай інфраструктуры. Вёска Залессе размешчана на чыгуначнай лініі Мінск-Вільнюс. Маецца невялікі вакзал. У палацава-паркавым ансамблі Агінскага ў вёсцы Залессе можна вельмі прыемна і пазнавальна правесці некаторы час, таму дадзеная вёска карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод падарожнікаў. Яе наведванне ўключана ў мноства турыстычных і экскурсійных маршрутаў.

Залессе

Залессе

Залессе

Залессе

Залессе

Залессе

Залессе

Залессе