Клюшчаны

Клюшчаны - гэта маленькая вёска Астравецкага раёна, Гродзенскай вобласці Беларусі. Асноўнай славутасцю вёскі Клюшчаны некалі з'яўляўся драўляны касцёл Святога Яўхіма, першапачаткова пабудаваны па розных звестках альбо ў 1726 годзе, альбо ў 1887 годзе. Аднак, на жаль, раніцай 6 чэрвеня 2017 года, касцёл у вёсцы Клюшчаны згарэў дашчэнту па прычыне няспраўнасці электраправодкі.

Дадзены храм быў вядомы тым, што гэта быў адзін з першых касцёлаў, дзе ў пачатку 20-га стагоддзя была прачытана гамілія на беларускай мове (у тыя часы гэта было унікальнай з'явай, бо да гэтага беларуская мова афіцыйна не выкарыстоўвалася ні ў касцёлах, ні ў цэрквах). Касцёл у вёсцы Клюшчаны функцыянаваў да 1948 года і шчасна перажыў абедзве сусветныя вайны. У савецкі час быў зачынены. У пачатку 1990-ых гадоў у паўразбураным стане быў вернуты вернікам.

З таго часу намаганнямі мясцовых вельмі нешматлікіх парафіян праводзілася паступовая рэстаўрацыя храма. Да моманту ўзнікнення пажару знешняе і ўнутранае аблічча касцёла былі выдатна адноўлены, аднак электраправодка ўсё яшчэ заставалася ў аварыйным стане, што і паслужыла прычынай пажару. Агонь знішчыў храм цалкам. Шанцаў на аднаўленне няма. У Беларусі засталося не так ужо і шмат старажытных драўляных касцёлаў у добрым стане, тым больш сумнай з'яўляецца страта аднаго з іх.

Клюшчаны

Клюшчаны

Клюшчаны

Таксама ў вёсцы Клюшчаны захавалася капліца-пахавальня. Дабірацца да вёскі Клюшчаны турыстам і падарожнікам не вельмі зручна, прыйдзецца праехаць з дзясятак кіламетраў па жвіры. Але гэта таго варта, бо Клюшчаны гэта вельмі спакойная, ціхамірная вёска, калі прыязджаеш туды, на душы адразу становіцца мірна і добра. Вёска Клюшчаны знаходзіцца ў памежнай зоне.

Клюшчаны